СТАБІЛІЗА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
сукупнасць метадаў, што выкарыстоўваюць для захавання комплексу ўласцівасцей палімераў і палімерных матэрыялаў пры іх перапрацоўцы, працяглым захоўванні і эксплуатацыі. Асн. спосаб С.п. — увядзенне стабілізатараў.
Паводле механізму дзеяння стабілізатараў адрозніваюць ланцуговую (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі) і неланцуговую стабілізацыю. Ланцуговая С.п. (ланцуговае інгібіраванне) звязана з дэзактывацыяй актыўных цэнтраў ланцуговага працэсу; назіраецца пры тэрмаакісляльнай дэструкцыі палімераў пры 250—300 °C, калі стабілізатары (напр., фенолы, аміны, нафтолы) абрываюць ланцугі акіслення. Неланцуговая С.п. скіравана на дэзактывацыю рэчываў, што прымаюць удзел у любых рэакцыях, якія прыводзяць да старэння палімераў. Часам С.п. дасягаецца змяненнем надмалекулярнай структуры палімера (т.зв. структурная стабілізацыя) з дапамогай спец. дабавак, тэрмічнай апрацоўкі матэрыялу і шляхам мех. ўздзеяння (арыентацыі).
Літ.:
Грасси Н., Скотт Дж. Деструкция и стабилизация полимеров: Пер. с англ. М., 1988.
М.Р.Пракапчук.
т. 15, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)